1 снежня — Дзень юрыста
Навошта патрэбны штатны юрыст на прадпрыемстве? У вялікай арганізацыі кожны дзень заключаецца нямала дагавораў, пагадненняў, вырашаецца шэраг юрыдычных пытанняў і г.д. Як вядома, усе гаспадарчыя аперацыі патрэбна ажыццяўляць згодна з заканадаўствам — інакш не пазбегнуць адказнасці і непрадбачаных наступстваў.
У чым іменна заключаецца работа юрыста на прадпрыемстве ўдакладніла памочнік дырэктара па прававой рабоце ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў” Надзея Доўгаль, якая тут ужо 10 гадоў.
Прадстаўляе яна юрыдычную службу арганізацыі ў адной асобе. Спектр абавязкаў шырокі. Асноўныя напрамкі — прававая экспертыза дакументаў, дагаворная, прэтэнзіённая і іскавая работа. Памочнік дырэктара сочыць, каб усе дакументы на заводзе былі аформлены граматна. Напрыклад, сёлета тут было заключана каля тысячы розных дагавораў, і кожны з іх прайшоў праз рукі памочніка дырэктара. Дакументы правяраюцца скрупулёзна, бо нават няправільна пастаўленая коска можа змяніць сэнс напісанага. Яшчэ юрыст праводзіць прававое інфармаванне і кансультаванне работнікаў, прадстаўляе інтарэсы прадпрыемства ў судах і іншае.
Па свайму роду дзейнасці часта прыходзіцца сутыкацца і са складанасцямі. Работа з людзьмі і вырашэнне прававых пытанняў часта патрабуюць маральнай стойкасці, але Надзея Iванаўна, нягледзячы на асаблівасці і за-гружанасць, справу сваю лічыць патрэбнай і цікавай. А яшчэ гаворыць, што кожны юрыст павінен займацца самаадукацыяй: заканадаўства краіны дынамічнае, таму трэба быць у курсе розных змен. На стале ў яе — спецыялізаваныя журналы і Працоўны кодэкс. Галоўны ж памочнік — даведкава-прававая сістэма “Кансультант +”, адкуль і яна, і калегі атрымліваюць інфармацыю аб зменах у заканадаўстве.
Дарэчы, юрысты раёна цесна стасуюцца паміж сабой, таму ў сваё свята сумаваць памочніку дырэктара па прававой рабоце не прыйдзецца дакладна.
Тамара ГОРЛАЧ.