У чацвер многія асіпаўчане мелі магчымасць сустрэцца са сваім абраннікам — дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалаем КАЛТУНОВЫМ.
Напачатку ён наведаў калектыў станцыі Асіповічы, потым сустрэўся з працаўнікамі прадпрыемства, якое ўзначальваў да атрымання дэпутацкага мандата, а трэцім “прыпынкам” стаў інтэрнат былога будупраўлення № 89, дзе “на выхадзе” новы стаматалагічны кабінет, куды яго з просьбай паскорыць працэс атрымання ліцэнзіі на работу запрасілі гаспадары будучай медыцынскай кропкі.
Якія пытанні цікавілі чыгуначнікаў і “каэрзэўцаў”? Iх спектр разнастайны: крэдытаванне жылля маладым і мнагадзетным сем’ям, дапамога дзяржавы на дзяцей, дарожныя зборы і г.д. Натуральна, праінфармаваў асіпаўчан дэпутат і аб дзейнасці Палаты прадстаўнікоў.
Дарэчы, зараз у намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы будзённай парламенцкай работы дабавілася. Як вядома, яе старшыня Уладзімір Васільевіч Краўцоў нядаўна ўзначаліў Гродзенскі абл-выканкам, таму за належную арганізацыю работы камісіі цяпер адказвае Мікалай Анісімавіч. Але і дадатковыя клопаты не перашкаджаюць яму па-ранейшаму актыўна працаваць у сваёй выбарчай акрузе. Ды іначай, пагадзіцеся, і нельга: хочаш ведаць стан спраў на месцах — сустракайся з людзьмі, ідзі, як гаворыцца, у масы.