На
мінулым тыдні пад началам старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню
аблвыканкама Алега Чыкіды адбылася выязная калегія па пытаннях рэалізацыі
высакаякаснага малака. Мерапрыемства абласнога маштабу для раёна стала
адметным: наведванне Асіповіччыны было адным з пунктаў праграмы. Перш чым
завітаць сюды, члены калегіі камітэта, кіраўнікі і спецыялісты аблсельгасхарчу і падведамных яму службаў пабывалі ў
некаторых гаспадарках Кіраўскага і Бабруйскага раёнаў.
Прычынай
сур’ёзнай размовы стала зніжэнне якасці малака па вобласці ў цэлым, а найбольш
здалі пазіцыі якраз асіповіцкія сельгаспрадпрыемствы. Калі прааналізаваць
рэалізаванае імі за І квартал мінулага года малако па гатунках, то ўбачым
наступнае: «экстра” — 53,8%, вышэйшы — 44,6, першы — 1,3. А цяпер гэтыя
паказчыкі на ўзроўні 13,7(!), 29,9 і 55,6%. Калі падсумаваць недаатрыманыя з-за
зніжэння колькасці «экстры” і вышэйшага гатунку грошы, то толькі сёлета
гаспадаркі раёна недабралі каля паўтара мільярда рублёў. На сустрэчы разам
прысутнічалі і кіраўнікі МДА «Мясамалпрам” Уладзімір Багданаў і ААТ «Бабушкіна
крынка” Ігар Кананчук — і імкнуліся вызначыць, што з’яўляецца прычынай такой
значнай разбежкі.
Самыя вялікія стаўкі па «экстры” апошнія гады
раён рабіў на філіял «Белшына-агра” ААТ «Белшына”. І гэта рэзонна: тут
знаходзіцца комплекс, электроннае начынне якога дае магчымасць атрымліваць
малако менавіта найвышэйшай якасці. Аднак на самой справе сітуацыя зараз іншая:
за студзень-красавік у гаспадарцы атрымана «экстры” ўсяго 16,1%, тады як раней
лічба даходзіла і да 58%. Прычыны страты якасці малака кіраўнік філіяла Алег
Грышчанка патлумачыць не змог — здаецца, горш працаваць не сталі. Ну а сама
вязычынская ферма, утрыманне кароў, даенне робатамі ўдзельнікам семінара
спадабалася, шкада толькі, што ад сельгасаб’екта зараз няма чакаемай аддачы.
Парадокс?
Наступным
наведалі філіял «Асіповіцкі” ААТ «Бабушкіна крынка”, сыравінную зону якога
якраз і даследавалі. Дырэктар структурнага падраздзялення Таццяна Жорава
азнаёміла гасцей з гісторыяй прадпрыемства, падрабязна расказала пра шлях
малака ад цыстэрны да гатовай прадукцыі. Вызвала цікавасць лінія вытворчасці
сыру, якая была ўведзена ў дзеянне летась. Іменна сыр і высокатэхналагічнае
замежнае абсталяванне патрабуюць асабліва якаснай сыравіны — на гэта і рабіла
ўпор у сваім выступленні Таццяна Паўлаўна. Ніхто не мог паспрачацца, што
асіповіцкая малочная прадукцыя па ўсіх параметрах выключная — кожны меў
маг-чымасць паспрабаваць яе на арганізаванай дэгустацыі. Ды і даўно ўжо
мясцовая «малочка” займела непахісную рэпутацыю. Няўжо такія прысмакі можна
зрабіць з малака «сумніўнага” гатунку?
Аб’ектыўнасці
дзеля трэба сказаць, што пытанняў па якасці малака да сельгаспрадпрыемстваў
сапраўды існуе шмат. Многія недахопы ў рабоце паказаў маніторынг, які быў
праведзены незалежнай камісіяй у гаспадарках напрыканцы красавіка. Напрыклад,
выяўлена, што не функцыянуе лабараторыя ў СВК «Калгас «Бярэзіна”, прыборы тут
не звераныя або ў нерабочым стане (цэнтрыфуга) і, суадносна, не робяцца
вымярэнні тлустасці, шчыльнасці, чысціні малака. Аднак нейкім чынам даныя ў
таварна-транспартную накладную пры гэтым заносяцца…
Не
робяцца аналізы малака і ў «Чырвоным ударніку”. Са слоў заатэхніка,
абсталяванне раней было закуплена, аднак зараз у памяшканні лабараторыі
патрабуецца рамонт. Не дзейнічае лабараторыя таксама ў «Ясені”. Ёмістасці з
рэактывамі не падпісаны, прыборы нерабочыя. З-за няспраўнасці электрычнага
бойлера і тытана гарачай вады недастаткова для належнай прамыўкі неабходнага.
Яшчэ горш справы ў «Новым шляху”: памяшканне лабараторыі ў антысанітарным
стане, адсутнічае кантроль якасці выкарыстоўваемай вады, якая паступае для
мыцця сістэмы і малочнага абсталявання са свідравін разам з пяском. Даільныя
стаканы мыюцца халоднай вадой, прычым, мякка кажучы, не першай свежасці. У
«Лапічах” прыборы ў наяўнасці, аднак лабараторыя таксама не дзейнічае. Ёсць
парушэнні ў тэхналогіі даення, не праверана абсталяванне і ў тым жа філіяле
«Белшына-агра”, дзе не выконваюцца ўмовы захавання тэст-сістэм для вызначэння
антыбактэрыяльных рэчываў і г.д.
На
жаль, не менш заўваг і па рабоце лабараторыі малочнага перапрацоўшчыка: не
выконваецца тэхналогія правядзення даследаванняў. Напрыклад, пробаадборнік
выкарыстоўваецца адразу пасля дэзынфіцыруючага сродку без апалосквання
водаправоднай вадой, малако адбіраецца ў неапрацаваныя конаўкі з астаткамі
малака ад папярэдняй партыі, не вы-значаецца тэмпература паступаючага малака. Пры
правядзенні аналізу на шчыльнасць выкарыстоўваўся нязвераны арэометр,
няправільна захоўваюцца тэст-сістэмы «4 sensor” і інш. Гэта гаворыць аб
недакладнасці праводзімых на прадпрыемстве аналізаў.
Вывады?
Абодвум бакам, як вытворцам, так і перапрацоўшчыку, трэба перагледзець сваю
дзейнасць. Сельгаспрадпрыемствам — строга выконваць санітарна-гігіенічныя
патрабаванні на фермах, павысіць кантроль за працэсам даення і, натуральна,
наладзіць работу ўласных лабараторый. Філіялу — адказней адносіцца да
правядзення да-следаванняў, больш шчыльна працаваць з пастаўшчыкамі сыравіны,
разам прымаць эфектыўныя меры па павышэнні яе якасці.
Аб
гэтым і гаварылі на падвядзенні вынікаў калегіі ў райвыканкаме. І нездарма
начальнік аблсельгасхарчу Алег Чыкіда яшчэ раз нагадаў прысутным і пра карысныя
ўласцівасці малака, і што яно — найважнейшы прадукт харчавання. Таму ў
вытворчасці і павінны трымаць адпаведную адказнасць усе звёны.
…Для
выпраўлення сітуацыі ў раёне дадзены месяц тэрміну — вынікі падвядзе чарговая
калегія.
Валянціна
КОРБАЛЬ.
Покупаю исключительно «Савушкин продукт».