Нядзеля стала асноўным днём галасавання на выбарах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Сёлета выбары праходзілі па новых правілах — у адзін тур: пераможцу дастаткова было набраць простую большасць галасоў. Амаль 500 кандыдатаў прэтэндавалі на 110 дэпутацкіх месцаў і, як адзначыла на прэс-канферэнцыі пасля закрыцця выбарчых участкаў старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, парламенцкія выбары адбыліся ва ўсіх выбарчых акругах. Па даных, размешчаных на сайце Цэнтрвыбаркама, яўка выбар-шчыкаў склала 74,32%. У Брэсцкай вобласці прагаласавала 77,53% людзей ад агульнай колькасці ўключаных у спісы, у Віцебскай — 79,98, Гомельскай — 75,14, Гродзенскай — 76,19, Мінскай — 75,35, Магілёўскай — 80,9, у сталіцы — 61,11 ад агульнага спісачнага складу, на ўчастках, сфарміраваных за межамі Беларусі, — 66,12%.
Як выглядаюць лічбы па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89? Мясцовыя журналісты пастараліся 11 верасня па максімуму даносіць землякам свежую інфармацыю аб ходзе галасавання, аператыўна размяшчаючы яе разам з фотаздымкамі на сайце “раёнкі” (gzt-akray.by). Па папярэдніх даных, атрыманых у акруговай выбарчай камісіі, удзел у галасаванні прыняло 84,68% выбаршчыкаў, у тым ліку па Глускім раёне — 95,79, па Клічаўскім — 91,5, па нашым — 79,83%.
Высокую ацэнку далі арганізацыі выбараў на Асіповіччыне міжнародныя назіральнікі ад Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД (МПА СНД) Юрый Андрэеў і Міхаіл Шчацінін, якія наведалі некалькі выбарчых участкаў у раёне.
— Варта адзначыць добрую падрыхтаванасць членаў камісій і саміх участкаў — усё абсталявана найлепшым чынам. Ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства не зафіксавана, усё праходзіць у адпаведнасці з патрабаваннямі. Нельга не заўважыць, што і настрой у людзей, якія ідуць на выбары, выдатны. Адчуваецца, што гэта сапраўды важная падзея ў жыцці грамадзян Беларусі, — падзяліўся член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Міхаіл Шчацінін. — Дарэчы, функцыю міжнароднага назіральніка выконваю ўпершыню, а вось у Беларусі па працоўных справах бываў не раз і раней. З задавальненнем магу адзначыць, што за апошнія гады тут адбылося нямала станоўчых змяненняў як у Мінску, дзе з’явілася больш аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, так і ў рэгіёнах. Прыемна ехаць па добрых дарогах, бачыць дагледжаныя палі і населеныя пункты, увогуле парадак навокал. Словам, уражанні ад наведвання Беларусі толькі станоўчыя.
Як падкрэсліў у дзень выбараў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, дэпутаты не павінны забываць аб сваіх абяцаннях і абавязацельствах: «Iмкненне ва ўладу — гэта нармальныя амбіцыі нармальных людзей. Але, каб яно не засталося банальным, трэба разумець, што, трапіўшы ў гэту ўладу ў якасці, дапусцім, дэпутата, табе ўсё роўна давядзецца выконваць вельмі цяжкія рэчы: займацца заканатворчасцю і выконваць абяцанае, рабіць карыснае для дзяржавы і народа». Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работа людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе, павінна даваць аддачу. «У адваротным выпадку — як ты туды трапіў, так ты адтуль і вылеціш, калі не будзеш выконваць свае абавязацельствы і прыносіць карысць народу», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Прозвішчы кандыдатаў, якія, па папярэдніх даных, абраны ў склад Палаты прадстаўнікоў, Цэнтрвыбаркамам на сваім афіцыйным сайце ўжо размешчаны — прадстаўляць наш рэгіён у парламенце выбаршчыкі даверылі Аляксандру Віктаравічу Багдановічу. Поспехаў!