12 снежня ў часцях асіповіцкага гарнізона прайшоў самы ўрачысты рытуал: прыняцце воінскай прысягі.
Асіповічы
Як заўсёды, сваю галоўную клятву ваеннаслужачыя прыносілі ў прысутнасці родных, бацькоў, сяброў, святароў праваслаўных храмаў, ветэранаў Узброеных Сіл, прадстаўнікоў вышэйстаячага камандавання, кіраўніцтва органаў выканаўчай і прадстаўнічай улады раёна.
Маладыя салдаты 51 гвардзейскай Аршанскай Чырванасцяжнай ордэна Аляксандра Неўскага артылерыйскай брыгады і 336 рэактыўнай брыгады прымалі прысягу на палігоне Асіповіцкі — з-за рэканструкцыі паўднёвага ваеннага гарадка свой першы этап службы правялі менавіта там. Сёння на палігоне створана належная інфраструктура для баявой вучобы і добрыя бытавыя ўмовы, таму з непрадугледжанымі Статутам цяжкасцямі навабранцы не сутыкнуліся, і на плац, дзе далі ўрачыстую клятву, выйшлі ў добрым настроі і ўпэўненыя ва ўласных сілах.
Бадзёрасці духу і далейшых поспехаў у асваенні цяжкай, але пачэснай прафесіі, абаронцы Радзімы!
Цэль
Новы навучальны год названы Годам баявой падрыхтоўкі, і для маладога папаўнення, якое пасля прыняцця воінскай прысягі ўлілося ў састаў часцей і падраздзяленняў, служба абяцае быць напружанай ды цікавай.
Ваеннаслужачыя тэрміновай службы ў 465 ракетнай брыгадзе прымалі прысягу ўжо ў 114 раз, а значыць, пад яе сцягам вучыліся вайсковай справе дзясяткі тысяч салдат. Спачатку — савецкай, потым — беларускай арміі. Цяжка вызначыць з гэтай лічбы колькасць землякоў, аднак яна важкая: у кожным прызыве тутэйшыя хлопцы ёсць абавязкова. Сёння шэрагі асіпаўчан-ракетчыкаў папоўнілі радавыя Аляксандр Дзедушкевіч, Яўгеній Кур’яновіч, Вячаслаў Мадалінскі, Аляксей Прановіч, Аляксандр Умецкі і другія.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
Рыгор МАРКУШЫН.