Няўмольна бяжыць час, і кожнае пакінутае ззаду дзесяцігоддзе — ужо гісторыя. Захаваць яе для нашчадкаў задача нялёгкая, але пачэсная. I гэта добра разумеюць у Дараганаве. Тут 30 гадоў таму быў створаны школьны музей, у якім стараннямі мясцовых краязнаўцаў сабраны каля 4 тысяч рэчаў і дакументаў, звязаных з роднай зямлёй. Прычым, пастаянна папаўняецца новымі цікавымі экспанатамі! За час існавання яго наведалі некалькі дзясяткаў тысяч экскурсантаў розных узростаў і нацыянальнасцей — а колькі іх яшчэ наперадзе…
Каб адсвяткаваць дзень свайго нараджэння і ўспомніць добрым словам людзей, якія стаялі каля вытокаў музейнай справы, у сераду адзін з лепшых краязнаўчых музеяў рэспублікі, што працуюць на базе адукацыйных устаноў, запрасіў да сябе гасцей. У іх ліку — прадстаўнікі мясцовай улады, арганізацый-шэфаў, дырэктары школ, людзі, хто меў непасрэднае дачыненне да яго першых крокаў, тыя, на чые плечы лёг клопат аб захаванні каштоўнасцей і папаўненні экспазіцый. Сярод першых — былы загадчык аддзела адукацыі Валерый Чупахін і мясцовая жыхарка Ларыса Стоцкая. На вялікі жаль, пайшлі з жыцця іх паплечнікі — колішнія старшыня сельсавета і дырэктар школы Мікалай Рудзяк і Аркадзій Шуляцьеў. Даўно няма побач з намі і першага дырэктара музея і яго актыўнай стваральніцы і натхняльніцы Зінаіды Верашчакі, чыя энергія і адданасць любімай справе змаглі стварыць сапраўдны цуд у адзін з найбольш складаных перыядаў эканамічнага жыцця краіны. Напрыклад, каб знайсці матэрыялы для заканчэння будаўніцтва музея, Зінаідзе Рыгораўне прыйшлося звяртацца да Прэзідэнта. А потым, калі экспазіцыя размясцілася ў прыгожым і зручным двухпавярховым будынку, пачаліся пастаянныя пошукі сродкаў на пашырэнне фондаў і афармленне залаў. Таму нездарма ў яе адрас было сказана шмат цёплых і шчырых слоў.
Справа, якой Верашчака аддала 15 гадоў жыцця, актыўна працягваецца. Яе ў свой час падхапілі Ларыса Каленік, Iрына Радзевіч, Таццяна Чучына і Сямён Бародзіч. Цяперашняя гаспадыня Жанна Караленя такая ж няўрымслівая і, у добрым значэнні слова, апантаная, як і першая. Музей — частка яе душы і жыцця, за што бясконца ўдзячна лёсу. Нялёгкая збіральніцкая і да-следчая праца прыносіць вялікае задавальненне. У гэтым можна было лёгка пераканацца падчас святочнай праграмы, якую так старанна падрыхтавалі не толькі ўсім школьным калектывам, але і з дапамогай Цэнтра турызму і краязнаўства, з якім Жанна Сямёнаўна цесна супрацоўнічае ўжо 6 гадоў. Парадавалі гасцей і яе выхаванцы Ксенія Сітнік, Эльвіра Рабцава і Мікалай Швец. Рабяты на роднай мове правялі захапляльную экскурсію па экспазіцыйных залах. Апошні ў стылі “рэп” шчыра і непасрэдна расказаў пра кавалерыйскую шашку — адну з нядаўніх знаходак, чым, вобразна кажучы, узяў у палон прысутных.
Не абышлося на свяце і без добрай песні. З непаўторным нацыянальным каларытам свае музычныя нумары падарылі сама-дзейныя артысты з народнага ансамбля народнай песні “Вяселле” Каўгарскага сельскага клуба, лаўрэат “Веснавых колераў-2013” Віталіна Сяргейчык, дзіцячая студыя “Ваяж” АРЦТіК.
Ну, а як жа без віншаванняў і падарункаў у дзень нараджэння? I іх было шмат і ад душы. Як і ўзнагароджванняў.
Са святам цябе, школьны краязнаўчы музей! Поспехаў і новых адкрыццяў!
Ніна ВIКТОРЧЫК. Фота Ніны ЦАРЫК.