Днямі асіповіцкую зямлю зноў наведаў праўнук Осіпа Дарагана Андрэй, які жыве ў Стакгольме. Падданы Швецыі прывёз з сабой больш за 300 прадметаў быту, якія належалі яго продкам. Сярод рарытэтаў — сталовыя прыборы, дываны, пісьмовыя прылады, мэбля і іншыя. Фамільная калекцыя размесціцца ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі.
Дарэчы, Андрэй Дараган прапанаваў асабіста зрабіць эскізы для яе размяшчэння. У нашым горадзе гэта будзе яшчэ адна пастаянна дзейнічаючая экспазіцыя. Мяркуецца, што яе ўрачыстае адкрыццё адбудзецца ў наступным годзе.
А яшчэ, па словах нашчадка дваранскага роду, вядзецца карпатлівая работа па падрыхтоўцы наступнай партыі экспанатаў, якая будзе складацца з сямейных дакументаў. Пакуль што частка іх знаходзіцца ў розных гарадах свету — Вашынгтоне, Санкт-Пецярбургу, Маскве.
Ніна ВІКТОРЧЫК.