Фармат свята прадугледжвае папулярызацыю найлепшых дасягненняў і самых цікавы напрацовак у экалагічнай дзейнасці. Таму не дзіўна, што менавіта да экафоруму было прымеркавана такое знакавае мерапрыемства, як зарыбленне Бярэзіны сцерляддзю. Гэты від асятровых у нашай краіне даўно балансаваў на мяжы поўнага вымірання і стварэнне яго буйной папуляцыі ў басейне Дняпра выглядае шмат-абяцаюча. Праз 3-4 гады бярэзінская сцерлядзь пачне адкладваць ікру, а маладыя рыбкі будуць рассяляцца ўверх і ўніз па цячэнні ракі. Чакаем з’яўлення каштоўнай рыбы ў Свіслачы, а можа нават і ў Сіняй. Чаму б не — напачатку мінулага стагоддзя сцерлядзь у гэтай рэчцы лавілася досыць часта.
Каля чатырох дзясяткаў прадпрыемстваў і ўстаноў прынялі ўдзел у традыцыйнай выставе “Сучасныя тэхналогіі ў галіне аховы і ўжывання прыродных рэсурсаў”. Дэманстраваліся там самыя розныя “зялёныя” ноу-хау, але з асіповіцкага пункту гледжання самымі цікавымі была, канечне, дэманстрацыя новых тэхналогій павышэння якасці пітной вады.
Выключна гэтай тэме была прысвечана экспазіцыя ЗТАА “Каліган Бел”, на якой праўдстаўлялі самае сучаснае фільтравальнае абсталяванне. Што цікава — вырабляецца яно на тэрыторыі нашай краіны (імпартазамяшчэнне!) — разлічана на спецыфічна-беларускі хімічны склад гэтага прыроднага рэсурсу і цалкам адпавядае міжнародным стандартам якасці і энергазберажэння. Гэтае абсталяванне ўжо ўстаноўлена на шэрагу буйных водазабораў, у тым ліку аб-слугоўваючых гарады Кобрын, Лунінец, Ліда, Баранавічы, адзін з мікрараёнаў Мінска, і паспяхова спраўляецца з самымі высокімі канцэнтрацыямі жалеза і марганца.
Нашаму ДУКВП “Водаканал” можна было ўзяць на ўзбраенне і вопыт прыродаахоўнай дзейнасці калег са Слоніма. ААТ “Слонімскі водаканал” знайшоў сродкі і час, каб прайсці ў 2006 годзе сертыфікацыю па “зялёным” міжнародным стандарце — IСО 14001. Уваход у “клуб” прадпрыемстваў, якія здольны кіраваць станам навакольнага асяроддзя ў працэсе вытворчасці, даў камунальнікам мноства бонусаў, у тым ліку і матэрыяльных. Сярод апошніх — скарачэнне памераў экалагічных падаткаў і магчымасць супрацоўнічаць з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі ў рэалізацыі прыродаахоўных праектаў. Так, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліў слонімцам 18 мільёнаў еўра на рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў і будаўніцтва біягазавай устаноўкі, якая будзе працаваць на атрымліваемых у працэсе ачысткі сцёкаў ілістых адкідах. Эколагі прадпрыемства не выключаюць, што вы-працоўка біягазу дазволіць Слонімскаму водаканалу пераўтварыцца ў прадаўца… квот на выкіды шкодных газаў. Кіёцкі пратакол — дамова шэрагу краін свету аб ахове атмасферы — прадугледжвае: калі краіна ў цэлым, альбо асобнае прадпрыемства значна скарачае аб’ём выдзяляемых шкодных газаў, дадзеныя яму ліміты на ўзгаданыя выкіды могуць быць прададзены менш прагрэсіўным удзельнікам міжнароднай ініцыятывы.
Форумны калейдаскоп
Галоўная інтрыга кожнага экафоруму — вызначэнне пераможцаў у разнастайных конкурсах прыродаахоўнага накірунку. На абласным этапе спаборніцтваў нядрэнна выступілі землякі — удзельнікі народнага фотаклуба “Раніца”. У фотаконкурсе “Гэта — твая зямля” сярод аматараў першае і другое месца ў намінацыі “Прыгажосць роднай прыроды” занялі адпаведна Юрый Абмоін і Яўген Чыжык, а лепшымі сярод прафесіяналаў сталі Алена Ярашэвіч (другое) і Дзмітрый Саўрыцкі (першае месца). Апошні таксама атрымаў тытул лепшага журналіста-эколага Магілёўшчыны, заняўшы першае месца ў конкурсе друкаваных работ прырода-ахоўнага накірунку.
* * *
Цікавую экспазіцыю падрыхтавалі для гасцей экафоруму навучальныя ўстановы Бабруйска. Асноўны акцэнт пры падборы экспанатаў рабіўся на нетрадыцыйнае ўжыванне разнастайных адыходаў ці непатрэбных рэчаў. Так, узяўшы рэшткі лістоў металу, пластыку і непатрэбныя цацкі навучэнцы адной з пазашкольных устаноў адцюнінгавалі у казачным стылі два матацыклы і зрабілі са зламанага дзіцячага самаката арыгінальны механіч-ны транспартны сродак. Адзін матацыкл быў “за-грыміраваны” ў сапраўднага дракона, другі — стаў самаходнай мяккай цацкай. Што ж тычыцца самаката, то пасля нескладанай дапрацоўкі ён пераўтварыўся ў мікра-мапед, на якім можна перасоўвацца не толькі дзецям, але і дарослым. У якасці сілавой устаноўкі ўжыта звычайная бензапіла, якая праз элементарны цапны рэдуктар круціць задняе кола.
* * *
Фінал наступнага, ХII Рэспубліканскага экалагічнага форуму пройдзе ў Мазыры — адным з цэнтраў айчыннай нафтаперапрацоўкі.
Мазыр мае буйнейшы ў Беларусі рачны порт (Пхоў на рацэ Прыпяць) і ўваходзіць у лік чатырох беларускіх гарадоў (яшчэ — Мінск, Віцебск, Наваполацк), дзе працуе адзін з самых экалагічна чыстых відаў грамадскага транспарту — трамвай.
Бабруйск: прыродаахоўныя трэнды
Добавить комментарий
« Экафорум у Бабруйску