Прыём грамадзян, праведзены ў Асіповічах міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам, паказаў, што сістэма адукацыі ў раёне працуе эфектыўна: наведвальнікаў са скаргамі не было, толькі за парадамі і падтрымкай — такія асноўныя мэты
мелі землякі.
Напрыклад, гараджанку Надзею Мазур цікавіў парадак выдзялення месцаў у інтэрнатах студэнтам, якія навучаюцца на платнай аснове. Па словах міністра, гэтая катэгорыя студэнтаў мае такія ж правы, як і «бюджэтнікі”. Пры выдзяленні месцаў у інтэрнатах вызначальнае значэнне маюць сацыяльнае становішча і паспяховасць, ва ўсіх ВНУ дзейнічаюць уласныя палажэнні, таму кожны асобны выпадак разглядаецца індывідуальна.
Жыхарка Свіслачы Ніна Сакава звярнулася наконт таго, каб у вёсцы з такім
багатым гістарычным мінулым быў адкрыты Цэнтр экалагічнай эстэтыкі. Зразумела, што гэта справа не аднаго дня і нават тыдня, таму работа будзе праводзіцца паступова. У бліжэйшы час плануецца перадаць аддзелу культуры райвыканкама мясцовы помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя — дом Яцко, дзе пакуль размяшчаецца крама райста. Пасля правядзення рамонту тут будзе ўстанова сацыяльна—культурнага значэння. Карацей, ідэя зрабіць Свіслач культурна—гістарычным цэнтрам раёна з цягам часу будзе рэалізоўвацца.
Ужо 35 гадоў не было капітальнага рамонту ў інтэрнаце Асіповіцкага прафесійна—тэхнічнага каледжа, дзе жыве 110 навучэнцаў, у тым ліку 35 біялагічных сірот і 15 — сацыяльных. Аказаць садзеянне навучальнай установе, прэстыж якой у вобласці расце з году ў год, абяцаў у першую чаргу начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Леанід Сматрыцкі. Першапачатковая задача каледжа — правесці тэндар і заключыць дагавор з арганізацыяй, якая зробіць праектна—каштарысную дакументацыю. Зыходзячы з разлікаў і будуць вызначацца шляхі
атрымання матэрыяльных сродкаў.
Ад бацькоў вучняў СШ № 2 з просьбай увядзення ў школе курса паглыбленага вывучэння англійскай мовы звярнулася асіпаўчанка Алена Марціновіч: многія юнакі і дзяўчаты школы збіраюцца паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт. Выхад тут такі: даць школьнікам магчымасць пашыраць свае веды па замежнай
мове на факультатыўных занятках.
Iшла на прыёме размова і аб выдачы мэтавых накіраванняў на вучобу ў ВНУ, аптымізацыі работы ўстаноў дадатковай адукацыі, арганізацыі харчавання ў
дашкольных установах.