Усе расстраляныя і спаленыя тут — землякі, бо нарадзіўся і правёў дзяцінства ў трох кіламетрах ад Брыцалавіч, у малюсенькай вёсачцы Ражнетава-2. Добра памятаю сустрэчы-размовы з трыма шчасліўцамі, якім лёс цудам збярог жыццё. Ніколі не забудуся, як перад Вялікаднём 1977 года наведаўся ў Брыцалавічы і нас разам са старшынёй Ліпеньскага сельсавета Дзмітрыем Фалевічам частавалі духмянымі булкамі ды чырвонымі яйкамі, а з Улітай, як звалі вяскоўцы Ульяну Кандратаўну Альховік, Ганнай Іванаўнай Патапейка і яе цёзкай па прозвішчу Аляксеем Фёдаравічам падымалі чаркі ля абеліска за супакой душы нябожчыкаў…
Сустрэчы з тымі, хто застаўся жыць, першае знаёмства з мемарыяльным комплексам, які ўзвялі на месцы спаленай вёскі як сімвал неўміручай памяці аб загінуўшых, узрушылі да глыбіні душы. У святочным да Дня Перамогі нумары «раёнкі”, дзе працаваў загадчыкам сельгасаддзела, змясціў матэрыял пад назвай «Тыя, хто застаўся жыць”. Праз 11 гадоў Уліту Альховік ужо не заспеў: памерла. Зноў гутарылі з Ганнай і Аляксеем Патапейка, зноў рабіў здымкі, зноў з’явілася публікацыя ў «Запаветах Леніна”…
Цяпер і іх ужо няма сярод нас. І мемарыял змяніўся: не стала статуі хлопчыка-падлетка, сімвала брыцалаўскай дзятвы, якую перад вайной шчодра «прыносілі” ў сялянскія хаты буслы, замест яго — твор беларускага скульптара М.І.Кандрацьева.
13 студзеня 1943 года — чорная дата Брыцалавіч. Нямногія жыхары вёскі ўцалелі пасля таго сцюдзёнага ранку. Карнікі расстралялі 667 мужчын і жанчын, дзяцей і састарэлых. Каб замесці крывавыя сляды сваіх зверстваў, іх разам з пабудовамі спалілі…
Ад сведак той жудаснай трагедыі сёння засталіся толькі запісы ўспамінаў. Яны і спавядаюць пра тое, як гэта было.
Ульяна Кандратаўна Альховік:
— У нашу вёску часта наязджалі немцы. Аднойчы прыехалі, пэўна, па даносу. Павесілі майго мужа Пятра і дачку Волю. Яна сувязной у партызан была. А праз колькі дзён зноў прыехалі. Акружылі вёску, усе сем’і сагналі ў хлявы і іншыя пабудовы. Я спрабавала схавацца, але не ўдалося. Знайшлі. Таксама загналі ў хлеў. Потым вароты яго адчыніліся і пачалі расстрэльваць сагнаных сюды людзей. Стралялі, пакуль тыя не перасталі варушыцца. Доўга ў непрытомнасці ляжала я сярод мёртвых. Не магла прыйсці ў сябе: жывая ці не? Моцна балела параненая рука. Калі сцямнела, прабралася да выхаду. Нікога не было, і я пабегла… Падалася ў лес…
Ганна Іванаўна Патапейка:
— Фашысты рабілі аблаву на партызан, ды як уварваліся ў зямлянку — рванула міна. Мо дзесяць гэткіх д’яблаў лягло. Раз’юшыліся акупанты і разам з карнікамі акружылі нашу вёску…
Быў марозны ветраны ранак. Абпальвала твар, калі высунешся з сенцаў на вуліцу. Карнікі турлялі ў плечы аўтаматамі і зганялі ўсіх ад старога да дзіцяці ў калгасныя хлявы. А крыху раней вясковых мужчын сабралі ў школе. Чутны былі стрэлы, крыкі. Што з імі?
«Што будзе з намі, — лямантавалі жанчыны. — Напэўна, апошнія гадзіны мы бачым белы свет”.
Хоць бы дзяцей выратаваць, а іх ля мяне чацвёра. Ніна толькі на свет з’явілася — сем месяцаў. Кармлю, кармлю грудзьмі, а немаўлятка не сунімаецца.
Павялі чалавек з дванаццаць. За падолы маці чапляліся дзеці, яны хацелі ісці разам. Ісці ў апошнюю дарогу. А калі і мая чарга надышла, абняла сваіх Танюсю, Маньку і Сямёнку, мацней прыціснула да сябе Нінку, малюсенькую-малюсенькую. Аўтаматныя чэргі. Нібы падкошаныя жытнёвыя сцяблы, пападалі ўсе. Штосьці гарачае льецца, льецца… Згубіла прытомнасць…
Апрытомнела. Дзе я і што з маімі крывінкамі? Выбралася з-пад трупаў. Адцягвала, адцягвала іх… Знайшла мёртвых дзетак… А мяне хоць бы зачапіла…
Як дабралася да партызан — не ўяўляю. У атрадзе сустрэла гаспадара. І як толькі перажылі такое страшэннае гора!
Аляксей Фёдаравіч Патапейка:
— Мяне, чатырнаццацігадовага хлапчука, таксама фрыцы прыгналі ў калгасны хлеў. Дзверы яшчэ не былі зачынены. Сястра маёй маці Ніна і цётка Алеся прашапталі: «Алёшка, давай уцякаць”. У суседніх хлявах чуліся ўжо стрэлы. Мы выбеглі ў адкрытае поле. Бегчы было цяжка, правальваўся снег, ногі знямелі. Нас заўважылі карнікі. Кулі свісталі вакол, а я ўсё бег… Азірнуўся, бачу, Ніна ўпала, цётка Алеся застыла на снезе… Да лесу далёка, а ўслед немцы бягуць. Тут якраз стог сена. Я пад стажарышча зашыўся. А вечарам быў у партызан.
У кожнага свой лёс…
Камандзір 211-га атрада Рыгор Баразна залічыў Алёшу ў яго склад, і нароўні з усімі ён хадзіў на баявыя заданні і ў разведку, а Ганна і Уліта пяклі партызанскі хлеб. У мірны час на службу хлопца праважалі ўсёй вёскай. Бязвусы прызыўнік, а на грудзях — дзве баявыя ўзнагароды…
Вось скупыя радкі пажоўклай ад часу паперы, на якой каліграфічным почыркам выведзена: «За час службы ў СА сяржант А.Патапейка паказаў сябе выключна са станоўчага боку. Меў 34 падзякі, 3 грашовыя прэміі, яму прадастаўляўся кароткачасовы водпуск з выездам на Радзіму… Ветлівы, акуратны, сумленны і тактычны са старэйшымі па званню…”
Потым — рамантыка маладосці, асваенне цалінных і залежных зямель. Па камсамольскай пуцёўцы, выдадзенай Асіповіцкім РК ЛКСМБ 18 лютага 1955 года, Аляксей разам з моладдзю раёна едзе вырошчваць хлеб, цану якому зведаў у партызанскай зямлянцы і ў часы адраджэння Брыцалавіч, дзе паставіў і свой сямісценак.
Калі вярнуўся дадому, то ўжо да канца дзён не здраджваў механізатарскай справе. Ганаровых грамат, падзяк і розных іншых пісьмовых пашан па колькасці ў Патапейкі было не менш, чым салдацкіх. Ордэны Айчыннай вайны ІІ ступені і Працоўнага Чырвонага Сцяга, з дзясятак медалёў і знакаў упрыгожвалі яго грудзі. Праўда, не любіў чалавек іх насіць, апранаў пінжак з начэпленымі ўзнагародамі толькі выключна па святах. Так вось і мне папазіраваў…
На ўзлеску дубровы, за якой струменіць маляўнічая Свіслач, стаіць на ўзгорку абеліск — комін печы. Па абодва бакі яго — мемарыяльныя дошкі з бетону, на якіх высечаны прозвішчы расстраляных і спаленых вяскоўцаў…
Трагічны лёс напаткаў не толькі Брыцалавічы. Яна — у ліку 186 вёсак роднай Беларусі, якія разам з людзьмі згарэлі датла ад крывавых рук гітлераўскіх нелюдкаў. Адны паселішчы потым адрадзіліся, другія толькі і засталіся ў людскіх сэрцах. На іх месцы стаяць помнікі, узвышаюцца мемарыялы. Ля падножжа — кветкі. Сюды прыходзяць, каб да зямлі пакланіцца, ушанаваць памяць і яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці тым, хто цаной уласнага жыцця адстойваў свабоду і незалежнасць роднай Айчыны.
Званы Хатыні… Рэха іх, заклік чутныя ўсёй планеце: людзі, беражыце мір! Не дайце разгарэцца новай вайне!
Франц СЛАВІНСКІ.