Мікалай Сцяпанавіч Елізаранка нарадзіўся ў сорак першым годзе ў сям’і вялікага працаўніка і франтавіка. Пасля сямігодкі Сяміазёрскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі скончыў з адзнакай. Службу праходзіў у танкавых войсках пад Полацкам. Выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі, спартсмен—разраднік, класны спецыяліст — не за прыгожыя вочы «сваталі” яго застацца ў арміі, але вырашыў вярнуцца дамоў.
Адвучыўся ў аўташколе, 20 гадоў на «выдатна” працаваў вадзіцелем. У саўгасе ж сустрэў і будучую палавіну — Вольгу з—пад Гомеля. Пажаніліся, гадавалі двух сыноў. Выдатная праца бацькі не была не заўважана: у 1972 годзе на грудзях з’явіўся медаль «За працоўную адзнаку”, у васьмідзясятым
— ордэн Дружбы Народаў, яшчэ праз пяцігодку — ордэн Леніна.
Вользе Пятроўне ўдалося пераканаць мужа пераехаць жыць у Беларусь у 1989 годзе. Не, ён і раней быў не супраць змены месца жыхарства, добра памятаў яшчэ з армейскіх будняў і наш клімат, і добразычлівых
адкрытых людзей, але з году ў год усё адцягваў пераезд. Чаму? І звыклыя месцы трымалі, і старым бацькам патрабавалася дапамога. Ну, а калі тыя пайшлі з жыцця…
Дом набылі ў Асіповічах, Мікалай Сцяпанавіч спачатку 2 гады парабіў на аўтобусе ў аўтапарку № 19, а потым перасеў на вялікагрузны МАЗ з прычэпам у ДРБУ-199, адкуль у 2001 годзе і пайшоў на пенсію. Праўда, без работы вадзіцель 1 класа доўга не вытрымаў — у магазіны філіяла ААТ «Жэлдорсэрвіс г. Магілёў” і сёння на сваёй ГАЗэлі развозіць прадукты харчавання. Ужо хутка яму споўніцца 72 гады, а чалавек па—ранейшаму бадзёры, падцягнуты, з нязменнай усмешкай
на твары.
— Як магу быць няўдзячны лёсу,
калі жыццё ўдалося!? — гаворыць ён. — Глядзіце самі. Паўстагоддзя аддаў любімай рабоце — нідзе ніколі не меў нараканняў, толькі ўзнагароды. Хутка з любай Вольгай Пятроўнай адзначым залатое вяселле — падобным хіба многія могуць пахваліцца? Дваіх сыноў
выгадавалі — ні за каго не сорамна. Маем двух унукай і праўнучку Нэлі. Ёсць дача, невялікая ўласная бібліятэка, заўсёды ўважліва сочым за навінамі вакол сябе — словам, жывём поўным жыццём…
Георгій АЛЕЙНІКАЎ.