Капіталам любой краіны лічацца разумныя і адукаваныя людзі, якія верна служаць роднаму краю і свайму народу дзеля лепшага развіцця эканомікі, дабрабыту і суверэнітэту Айчыны. Яны працуюць у розных сферах, у тым ліку — навуковай. Навука, як вядома, лакаматыў прагрэсу, а таму дзяржава і падтрымлівае даследаванні, арыентаваныя на навізну і практычную аддачу. І, як даніну павагі людзям, занятым такой важнай дзейнасцю, устанавіла прафесійнае свята — Дзень беларускай навукі. Яго адзначаюць як сталыя прафесары, так і маладыя вучоныя. Сярод апошніх і наш зямляк, былы вучань СШ № 4 Сяргей Масленчанка — расійскі і беларускі філосаф і культуролаг. Падпалкоўнік у Акадэміі ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь узначальвае кафедру філасофіі і ідэалагічнай работы, мае каля сотні навуковых артыкулаў, ён аўтар манаграфій і
дапаможнікаў па культуралогіі, узнагароджаны айчыннымі і замежнымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Вось тэлефонная
размова з земляком-навукоўцам.
— Што паспрыяла развіццю
Вашага навуковага патэнцыялу?
— Падчас вучобы ў школе паспяхова ўдзельнічаў у раённых і абласных алімпіядах. Падабаліся
многія прадметы, асабліва замежная мова, якая і стала візітнай карткай пры паступленні ў Магілёўскі абласны ліцэй. Прычым залічылі туды без іспытаў пасля ўдалага вы—ступлення на алімпіядзе. Два гады, праведзеныя ў сценах ліцэя, канчаткова сфарміравалі мяне як будучага навукоўца ў вобласці гісторыі. Выкладчыкі гэтаму адметна паспрыялі, у іх было чаму павучыцца. Узровень падрыхтоўкі давалі высокі, пастаянна прывівалі навыкі да навуковай творчасці — і гэта прыносіла плённы вынік пры напісанні навукова—даследчых работ. Ліцэй скончыў на выдатна і з лёгкасцю стаў студэнтам факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, дзе і працягнуў заняткі навукай. Пачаў друкавацца ў навуковых выданнях. Размеркаваўся ў Акадэмію ўнутраных спраў…
— Якія якасці патрэбны, каб
стаць вучоным?
— Аналітычны склад розуму, шырыня кругагляду, абавязкова творчы падыход да справы і
жаданне навізны.
— Над чым працуеце зараз?
— Больш стаў цікавіцца сацыялогіяй як навукай. Ні ў якім разе не хачу адставаць ад развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій — збіраю матэрыял для чарговай манаграфіі па пытаннях, звязаных з сацыяльнымі сеткамі ў інтэрнэце, і іх уплывам на жыццё. Вывучэнне дадзенага пытання хачу звязаць з напісаннем доктарскай дысертацыі.
— Якіх навуковых поглядаў
трымаецеся?
— Цікаўлюся пытаннямі культурных каштоўнасцей нашага народа. Спадзяюся, што беларусы з дапамогай спецыялістаў у гэтай вобласці ўсё больш актыўна будуць працаваць над адраджэннем
спадчыны.
— У што верыце?
— У ісціну.
— Каму давяраеце?
— Родным і сябрам.
— Аб чым марыце?
— Пабудаваць дом.
— Ад чаго б пазбавіліся?
— Ад недаверу.
— Чаго жадаеце сабе і
блізкім?
— Здароўя.
Ніна ВІКТОРЧЫК.