“Ветрагоны”. Грошы або каханне?
Опубликовано: Редактор
Вторник, 10.04.2012 08:46.
Рубрика: Культура
Народны аматарскі тэатр «Надзея” раённага Цэнтра
культуры ў мінулую суботу сабраў у глядзельнай зале тых, хто неабыякавы да
неўміручай спадчыны Уладзіслава Галубка і творчасці мясцовых артыстаў.
Спектакль па п’есе вядомага беларускага драматурга «Ветрагоны” быў прысвечаны
120-годдзю з дня яго нараджэння. Трагікамедыя ўжо не першы год значыцца ў
рэпертуары тэатра, дэкарацыі да якого зрабіў былы мастацкі афарміцель Леанід
Дрозд, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. З гэтай пастаноўкай артысты ўжо
выступалі ў розных установах горада і раёна і заслужана заваявалі сімпатыі не
адной сотні прыхільнікаў тэатра. На сцэне ж РЦК са спектаклем выступілі
ўпершыню, і, па іх шчырым прызнанні, атрымалі ад дзейства вялікую асалоду. Усё
было максімальна прыбліжана да сапраўднага тэатра: вялікая зала, мяккія
прыгожыя крэслы, сапраўдная сцэна. І — гледачы з букетамі кветак і воклічамі
«Брава!”
— Для мяне гэта было сапраўднае свята, — сказала
адна са старэйшых акцёраў тэатра Таццяна Плаксіна, якая за 20 гадоў сцэнічнага
жыцця выканала не адну ролю. — Іграць было лёгка, адчувалася цудоўная
пад-трымка залы. Створаная на сцэне атмасфера мінулага стагоддзя мала чым
адрозні-валася ад той, якая існуе ў цяперашнім жыцці. І ў тыя далёкія гады, і
зараз маладыя людзі вырашаюць галоўнае для сябе пытанне: як стаць шчаслівымі? І
што важней у жыцці: грошы або каханне? Мне падаецца, што акцёрам удалося
заінтрыгаваць залу, і ўсе сталі саўдзельнікамі таго, што адбывалася на сцэне.
Сапраўды, гледачы не толькі ўважліва сачылі за
падзеямі, якія адбываліся перад імі, але і цалкам былі захоплены ігрой акцёраў.
Нікога не пакінула абыякавым ігра Алены Грышкевіч, якая выконвала ролю галоўнай
гераіні п’есы — Фросі. Цудоўна справіліся са сваімі ролямі і іншыя. Гледачам
надоўга запомніцца каларытная Свацця, вобраз якой стварыла Таццяна Мінава. Яна
таксама з тых, хто стаяў ля вытокаў «Надзеі”.
— Без тэатра і рэпетыцый не ўяўляю свайго жыцця,
— прызналася самадзейная актрыса.
Трэба адзначыць, што абласны конкурс аматарскіх
тэатральных калектываў «У далонях маёй Беларусі”, які праходзіў у лістападзе
мінулага года ў Бабруйску, прынёс ёй поспех — у намінацыі «Лепшая эпізадычная
роля” работа Мінавай узнялася на першую прыступку.
Ролю Каваля выканаў Аляксандр Сіпач, які таксама
ўжо 20 гадоў на сцэне. Парадавалі гледачоў і выканаўцы роляў Гната, Маці і
Дзеда Вячаслаў Кілбас, Рыта Мірашнічэнка і Сяргей Бойка. Яны ў тэатры нядаўна,
але з задавальненнем наведваюць усе рэпетыцыі, удзельнічаюць у розных
тэатралізаваных прадстаўленнях і падтрымліваюць традыцыі «Надзеі”.
Усе ўдзельнікі спектакля — людзі розных рабочых
спецыяльнасцей, але кожны з іх аднолькава ўлюбёны ў сцэну. Для іх удзел у
пастаноўках — стан душы, хобі, без якога жыць ужо немагчыма.
Як адзначыла ў сваім зваротным слове да гледачоў
і акцёраў падчас мера-прыемства начальнік аддзела культуры Ірына Раманчук,
творчы шлях народнага тэатра складаны і цярністы. Былі ўзлёты, было і зацішша ў
дзейнасці. Але ён жыве і радуе сваім майстэрствам людзей. Яна пажадала творчаму
калектыву поспехаў, моцнага здароўя, дабрабыту і абавязкова новых тэатральных
прэм’ер. А напрыканцы ўсе ўдзельнікі спектакля атрымалі з рук Ірыны
Аляксандраўны Граматы аддзела культуры за творчыя заслугі. Гэткая ж узнагарода
чакала кіраўніка і пастаноўшчыка спектакля Надзею Дрозд, якая ўзначальвае тэатр
на працягу двух дзесяці-годдзяў.
— За гады існавання па-стаўлены не адзін
спектакль, акцёрамі сыграна шмат разнапланавых роляў, заваёвана мноства
глядацкіх сэрцаў, — падкрэсліла Надзея Адамаўна. — Побач са мною людзі, якім
вялікая ўдзячнасць за любоў да тэатра, за падтрымку ў цяжкія хвіліны, за
дапамогу ў ажыццяўленні рэжысёрскіх задумак. Спадзяюся, што лепшыя нашы работы
яшчэ наперадзе.
Ніна ВIКТОРЧЫК.
Баскетбол, XX чемпионат РБ Начали с победы »