Асартымент асіповіцкіх крам з кніжнай, аўдыё- і відэа-прадукцыяй, па словах іх работнікаў, цалкам залежыць ад густаў аўдыторыі. «Гэта бізнес, у якім усе зацікаўлены, каб прадукцыя не прастойвала на паліцах”, — кажуць яны. Што сёння чытае, слухае і глядзіць у нас большасць моладзі?
Дыскі
Першае месца ў рэйтынгу прадаж займаюць «Правілы дарожнага руху”: штодня прадаецца па 2-3 экземпляры.
У сферы кінематографа найбольш ідуць баевікі, фэнтэзі і навінкі-бестселеры. Пасля выхаду на вялікі экран фільма «Аватар” няма адбою ад жадаючых набыць яго. Добра спажываюцца фільмы-катастрофы, кшталту «2012”. Кіно культавых рэжысёраў ці класіка авангарда амаль нікога не цікавіць.
Заўсёды знойдуць слухача зборнікі з замежнымі і расійскімі выканаўцамі. Найбольш папулярныя стылі — R&B, рэп і шансон. Прычым, апошнім захапляюцца і дзяўчыны. Яго лідэр — Стас Міхайлаў. Рок, блюз, фальклор не маюць вялікай аўдыторыі. Час ад часу маладыя бацькі набываюць для сваіх нашчадкаў зборнікі з класічнай музыкай.
У сферы камп’ютэрных гульняў неаспрэчныя пераможцы «Call of duty 6”, «Сталкер” і «Flash point”. Дзяўчыны выбіраюць «Sims”.
Кнігі
Лідэрам прадаж была і застаецца дзіцячая літаратура. Пераважна — народныя казкі, бо на іх няма аўтарскіх праў, што робіць выданні таннымі. На жаль, беларускія выдавецтвы як па цане, так і па аздабленню, а значыць і па попыту, саступаюць расійскім канкурэнтам.
У аднолькавай ступені папулярныя такія жанры, як фэнтэзі, дэтэктыў і дамскі раман. Шалёны попыт зараз на «вампірскія сагі” С.Маер — «Прыцемкі маладзіка”, «Зацьменне”. Папярэднімі ўлюбёнцамі былі С.Лук’яненка і А.Арлоў.
Неблагі попыт на літаратуру пра гламурнае жыццё свецкіх ільвоў і львіц, аўтарства той жа А.Ленінай. Не знікае цікавасць да хірамантыі, астралогіі і фэн-шуя.
Класічныя творы найперш запытваюць школьнікі ці студэнты, якім яна патрэбна для вучобы.
Спецыялісты кажуць, што для таго, каб крама з кнігамі была паспяховай, у яе асартыменце павінна быць не менш, чым 8.000 найменняў. Таму на мясцовых паліцах можна знайсці і «Атлас па анатоміі чалавека”. Але стаяць такія экземпляры тут будуць доўга…
Ганна ФАРЫДОВІЧ.
Хіты прадаж 29.01.10, № 7
Добавить комментарий
Лепшыя вызначаны 29.01.10, № 7 »