Сельскае жыццё адрозніваецца ад гарадскога сваёй ціхай плынню, размеранасцю. Ёсць такія вясковыя жыхары, якія нізавошта не зменяць гэтую прывабную размеранасць на гарадскія выгоды. Да такой катэгорыі можна аднесці і аператара машыннага даення з фермы «Свіслач” Лідзію Аліноўскую.
Некалі Ліда, скончыўшы Свіслацкую школу, нават не задумвалася над тым, каб накіраваць сваё жыццё ў гарадское рэчышча. Ладзіць з жывёлай дзяўчына навучылася яшчэ ў дзяцінстве — на ферме працавала матуля. Таму ўсе тонкасці даільнай справы 16-гадовай Лідзіі, якая прыйшла ўладкоўвацца на працу, тлумачыць не было патрэбы.
Нельга сказаць, што прафесія аператара машыннага даення ахутана арэолам рамантычнасці. Трэба прывыкнуць і да спецыфічнага паху, і да асаблівага графіка работы без «выхадных-прахадных” — у кароў «вытворчасць” малака бесперабойная, і да ранніх пад’ёмаў. Але ёсць у гэтай справе і свае прывабныя бакі: што-дзень бачыш вынік сваёй працы. Нават больш — не толькі бачыш, але і падлічваеш пэўную колькасць надоенага. Ды і зарплата па сённяшніх часах прыстойная. А калі ёсць яшчэ разуменне і з боку дамашніх, то і наогул усё задавальняе.
Гармоніі ў сям’і спрыяе агульная справа. У Лідзіі і Валерыя — гэта праца ў адной з лепшых гаспадарак раёна — філіяле «Белшына-агра”. Непрыкметна жыццёвы цыкл сям’і становіцца агульным з цыклам жыццядзеяння гаспадаркі. Так і праходзяць дні, месяцы, гады…
Выхоўваюць Аліноўскія двух дзяцей, Алену і Ігара, якія зараз ужо школьнікі. Разам вырашылі, што старэйшая дачка будзе заканчваць 11 класаў, а потым паступаць. Нягледзячы на задаволенасць працай, Лідзія Сяргееўна не хацела б, каб дачка пайшла па яе слядах. Бацькам заўсёды хочацца, каб у дзяцей была лепшая доля, лягчэйшая работа, большыя магчымасці…
Вольны час, канечне, бывае і ў даярак. Хаця, скажам, вольны адносна. Трэба і ежу прыгатаваць, і каб у доме парадак быў. Чытаць кнігі, ляжаць на канапе ля тэлевізара асабліва не прыходзіцца, але калі якая хвіліна надараецца, любіць Лідзія паглядзець які-небудзь мела-драматычны серыял. Праўда, каб не быць прывязанай да канкрэтнага часу, аддае перавагу дыскам — калі захацела, тады і ўключыла. Ёсць у Ліды і мара: з’ездзіць усёй сям’ёй у адпачынак на мора.
Што тычыцца поспехаў на працы, то не без гэтага: летась Лідзія Сяргееўна надаіла 7.202 кілаграмы малака ад каровы — на 448 больш, чым у 2008 годзе. За год аператар машыннага даення Аліноўская дала дзяржаве амаль 260 тон.
Адзін з сакрэтаў даяркі — уменне знаходзіць «агульную мову” з рагулямі, якіх у яе зараз 42. З адной каровай дастаткова, напрыклад, пагаварыць, пагладзіць яе, другую — пачасаць, трэцяй, перш чым даіць, трэба па-класці штосьці ў кармушку. На ўсё гэта не трэба шкадаваць часу. Здавалася б, вось і ўвесь сакрэт, нічога асаб-лівага. Але калі такіх дробязей на працягу дня, тыдня, месяца набіраецца дзесяткі і сотні, кожная з іх абарочваецца маленькай прыбаўкай малака.
І сапраўды, таленты розныя бываюць…
Валянціна КОРБАЛЬ.
Чалавек і яго справа Таленты розныя бываюць 29.01.10, № 7
Добавить комментарий
« Непутевые заметки из вытрезвителя 29.01.10, № 7