«Я болей тыдня не п’ю…”
З пачуццём уласнага гонару заяўляла маці 4-х непаўналетніх дзяцей перад членамі камісіі па справах непаўналетніх. Што ж прывяло гэтую жанчыну на пасяджэнне ў райвыканкам?
Сям’я даволі доўгі час знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы. Сацыяльная служба Лапіцкай школы і сельвыканкама трымала на пастаянным кантролі жыццё дзяцей. Справы, на першы погляд, ішлі нядрэнна, і ў лістападзе мінулага года сям’ю знялі з таго самага ўліку. Але ўжо 21 снежня, калі настаўнікі школы ў чарговы раз наведаліся да Сугакі ўпэўніцца, што становішча тут сапраўды нармалізавалася, перад імі паўстаў жудасны малюнак: у хаце — поўная антысанітарыя, маці з сужыцелем — у стане алкагольнага ап’янення, дзеці — галодныя…
Без ваганняў дарослыя зноў узнялі пытанне аб знаходжанні тут дзетак. Больш таго. Падчас пасяджэння камісіі высветліўся яшчэ і такі факт: сужыцель даволі часта падымае руку на дзяцей, жанчына разам з малымі вымушана шукаць прытулку ў суседзяў, сваякоў…
Да гэтага часу з Аленай Аляксандраўнай «змагаліся” на мясцовым узроўні. Школа, сельскі Савет выклікалі яе на пасяджэнні камісій, угаворвалі ўзяць сябе ў рукі, развітацца з сужыцелем. Зараз «выхаваннем” мужчыны будзе займацца ўжо ўчастковы інспектар. А жанчыне паверылі… у апошні раз.
«Гадавала, матуля, мяне — гадуй і ўнукаў…”
Так лічыць шматдзетная асіпаўчанка Вольга Літцава. Маладая, знешне даволі прываблівая жанчына стаіць перад членамі раённай камісіі і ў чарговы раз абяцае, што ўсё ў яе сям’і бу-дзе ў парадку. Але школа, органы апекі не даюць ужо ёй веры. Сацыяльная служба хадайнічае аб вырашэнні пытання далейшага знаходжання дзяцей разам з маці.
У Вольгі на выхаванні афіцыйна знаходзіцца трое непаўналетніх дзетак. Кожны з іх мае свайго бацьку, ды і жывуць малыя хто дзе. Так, адно дзіця забраў на выхаванне родны бацька. Другога хлопчыка выхоўвае бабуля, маці Вольгі. Трэцяе пакуль жыве разам з маці. Сама ж жанчына ізноў знайшла сабе новага сужыцеля і радуецца жыццю. Пра родных дзяцей галава не баліць — добрыя людзі выгадуюць!..
Што за маці, калі не можа пракарміць дзяцей да іх пенсіі? У гэтым пераканана вялікая шматдзетная сям’я Таццяны Кандрацьеўны Норка з Вязаўніцы, дзе разам са старой маці жывуць чацвёра яе дарослых сыноў і дачка, якая тут гадуе ўжо свайго 7-гадовага сына Віктара.
Шчыра кажучы, умовы, у якіх пражывае гэтая сям’я, назваць здавальняючымі язык не паварочваецца: хата старая, у сенцах няма шыбаў, на кухні столь правісае… I гэта ў той час, калі ў будыніне прапісаны чатыры здаровыя мужчыны. Толькі Аляксандр, Сяргей, Пётр і Васіль нідзе не працуюць і перабіваюцца часовымі заробкамі, у большасці жывуць за кошт матулінай пенсіі. Усе разам п’юць, затым распачынаюць бойкі-разборкі. I ўсё гэта — на вачах сямігадовага хлопчыка. Такое жыццё наклала свой чорны адбітак на дзіця. Віцю тэрмінова патрэбна дапамога спецыяліста лагапеда-дэфектолага, але, на жаль, матулі няма да гэтага справы: чарку Алена Васільеўна не адкідвае. Не рэагуе яна і на просьбы-ўгаворы педагогаў і сацыяльнай службы мясцовай школы…
Работа — не воўк?..
Не ў адной з гэтых жанчын рашэннем раённай камісіі па справах непаўналетніх дзеці адабраны згодна з Дэкрэтам № 18. На вырашэнне сямейных праблем ім далі апошні 6-месячны шанц. А за ўтрыманне дзяцей, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь, маці павінны выплачваць пэўныя грашовыя сумы.
Iншая справа, што спагнаць гэтыя самыя выплаты з іх часцяком бывае вельмі праблематычна: у многіх стойкая «алергія” на работу. Узяць бы хоць тую ж Марыну Налівайка з Каўгароў, у якой яшчэ ў лістапа-дзе адабралі траіх дзяцей. З ёй ужо не першы месяц няньчацца аддзел занятасці насельніцтва, РАУС, камісія па справах непаўналетніх, сельсавет, школа, прадпрыемства. Думаюць, куды яе працаўладкаваць. А яна — не ідзе, шукае самыя розныя прычыны, каб ухіліцца ад працы. Безумоўна, рабіць гэтую гора-маці прымусяць, выплаты грашовыя з яе спагоняць, але…
Ці возьмуцца, нарэшце, Марына і вышэйназваныя маці-зязюлі за розум? Ці адумаюцца яны, ці стануць для родных дзяцей сапраўды надзейным плячом? На гэтыя пытанні даць адказ змогуць толькі час ды самі жанчыны.
* * *
— Пасля прыняцця Дэкрэта Прэзідэнта краіны № 18, — гаворыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Алена Фядотава, — назіраюцца хоць і невялікія, але змены да лепшага. I гэта радуе. Нават калі адну-дзве маці ўдалося накіраваць, як кажуць, на шлях ісціны, зрабіць хоць колькі сямей шчаслівымі — гэта ўжо вялікая справа.
Тамара ВАЛАДЗЬКО.